Напярэдадні Новага года ў зале раённага Цэнтра культуры сабраліся лепшыя вучні ўстаноў адукацыі раёна
Традыцыйна напярэдадні Новага года ў зале раённага Цэнтра культуры збіраюцца лепшыя вучні ўстаноў адукацыі Бялыніччыны, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе і спорце, а таксама ў грамадскім жыцці сваіх школ і раёна ў цэлым.
— Выканаўчы камітэт ведае, радуецца і ганарыцца кожным вашым поспехам і перамогай, — распачала чаргу віншаванняў намеснік старшыні райвыканкама Ірына ФУРСАВА. — Няхай у новым 2020 годзе яны толькі прымнажаюцца. Жадаю вам моцнага здароўя, радасці ў кожным дні, і, канечне, новых дасягненняў.
Ставіць перад сабой самыя неверагодныя мэты, і абавязкова ўвасабляць іх у жыццё пажадаў рабятам дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Андрэй ГАНЧУК. Ён перадаў сертыфікат на набыццё камплекту мэблі для Вішоўскага дзіцячага ясляў-садзіка, а таксама салодкія падарункі выхаванцам дзіцячага дома сямейнага тыпу.
Намеснік старшыні СВК “Калгас “Радзіма” Міхаіл СКУСАЎ уручыў ад сельгаспрадпрыемства вучням Вішоўскай СШ сертыфікат на набыццё мэблі для ўстановы больш чым на 5 тысяч рублёў.
Намеснікі дырэктараў па ідэалагічнай рабоце ПМК-241 і лясгаса Таццяна ЛІСОЎСКАЯ і Юлія КУДРАВЕЦ павіншавалі ўсіх дзетак з канікуламі і ўручылі прадстаўнікам СШ №2 і Свяцілавіцкага ВПК ДС СШ сертыфікаты на набыццё, адпаведна, халадзільнага абсталявання і спартыўнага інвентара. А дырэктары МЦ “Ветразь” Іна ВІННІКАВА і Машчаніцкай СШ Таццяна ЦЕЦЕРУКОВА атрымалі ад старшыні райарганізацыі РГА “Беларускі фонд міру” Таццяны МЯКШЫНАЙ сертыфікаты на набыццё стэндаў “Заўсёды ў страі, у памяці навечна” для афармлення тэматычных куткоў да 75-годдзя Вялікай Перамогі.
І, канечне ж, кожны школьнік, які сёлета дастойна прадставіў наш раён на інтэлектуальных, творчых і спартыўных мерапрыемствах рознага ўзроўню, атрымаў навагодні падарунак.
Яшчэ адным падарункам для гасцей свята стаў відовішчны тэатралізаваны мюзікл “Снежная каралева” ў выкананні педагогаў і выхаванцаў МЦ “Ветразь”.
Вольга НАБОКАВА.
Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.