Темы

Плацім за тое, за што плаціць не павінны…

Тое, што работнікі магазінаў павінны прадастаўляць пакупнікам бясплатную ўпакоўку для тавараў, якія гэтага патрабуюць, ужо даўно прапісана на заканадаўчым узроўні. Тым не менш некаторыя прадаўцы ўсё яшчэ грэбуюць гэтай нормай, імкнуцца ўзяць плату за бясплатную ўпакоўку.

Закон аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ўступіў у сілу 22 ліпеня 2014 года. Але не ўсе чыталі яго ўважліва. Як і пастанову Савета Міністраў № 703 “Аб зацвярджэнні Правілаў продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання і Палажэння аб парадку распрацоўкі і зацвярджэння асартыментнага пераліку тавараў, асартыментнага пераліку прадукцыі грамадскага харчавання”. Але значна горш, што некаторыя прадаўцы і ўласнікі гандлёвых кропак, якія абавязаны ведаць усе профільныя дакументы па абавязку сваёй службы, паступаюць у разрэз з заканадаўствам. Інакш яны дакладна б ведалі: тавары, якія па сваім характары патрабуюць затарвання, перадаюцца пакупніку ва ўпакаваным выглядзе без дадатковай платы за ўпакоўку.

Якія тавары ўпакуюць бясплатна?

Абавязак прадастаўляць бясплатную ўпакоўку і не ўключаць яе цану ў кошт набытага тавара прадугледжаны п. 26 Правілаў ад 22.07.2014 г. №703 і п. 1 арт. 451 Грамадзянскага кодэкса. Але ён распаўсюджваецца толькі на некаторыя віды тавараў.

Такім чынам, паводле ліста Міністэрства гандлю Беларусі ад 9 верасня 2014 г. № 07-16/635к, магазін павінен бясплатна ўпакаваць наступнае:

з харчовых тавараў – прадукты, якія вытворца не змясціў у спажывецкую тару. Пакаваць павінны тое, што прадаецца на вагу: каўбасныя і кандытарскія вырабы, сыры і іншыя тавары ў абалонцы, абгортцы, плёнцы, пергаменце, паперы і падобных упакоўках. Таксама абгарнуць павінны хлеб і хлебабулачныя вырабы. Калі бохан, які быў у абгортцы вытворцы, разрэзалі на часткі, то іх таксама неабходна ўпакаваць.

А вось буйная гародніна і садавіна з цвёрдай лупінай, такая, як ананасы, кавуны, дыні, гарбузы, авакада, манга і іншыя, а таксама капуста, ва ўпакоўцы не маюць патрэбы.

Нехарчовыя тавары прадавец таксама павінен абавязкова спакаваць, калі гэта не зрабіў вытворца. Да іх адносяцца рэчы, якія без упакоўкі могуць пашкодзіцца, разбіцца, запэцкацца пры транспарціроўцы: пасцельная і сподняя бялізна, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, посуд са шкла і фарфору, навагоднія цацкі і падобнае.

Абгарнуць або пакласці ў пакет павінны цвёрдае гаспадарчае мыла і іншыя тавары, якія могуць забрудзіць ці пашкодзіць рэчы пакупніка. Упакоўка патрабуецца гузікам, кнопкам, цвікам, шрубам, фурнітуры, прышчэпкам, бігудзям і іншым дробным вырабам. У нешта абгарнуць у магазінах павінны і метражныя тавары: тканіна з валокнаў усіх відаў, трыкатажнае і гардзіннае палатно, штучны мех, нятканыя матэрыялы, стужкі, карункі, тасьма, дрот, шнуры і т.п. Да гэтай групы тавараў таксама адносяцца цыбуліны раслін, расада, насенне, пасадачны матэрыял, міцэлій, а таксама корм для жывёлы, птушак і рыбы.

Якую ўпакоўку павінен выкарыстоўваць прадавец?

Прадавец мае права выкарыстоўваць любы від бясплатнага пакавання: пакеты, плёнку, паперу і інш. Іх галоўнае прызначэнне – забяспечыць захаванасць тавара. У прыватнасці, могуць прапанаваць паперу ў якасці бясплатнай упакоўкі пакупніку салаты аліўе на развес. Але гэта незаконна. А вось калі ён купляе цвікі або шрубы, такая ўпакоўка прымальная. Таксама магазін мае права нароўні з бясплатнай упакоўкай прапаноўваць на выбар яе платны варыянт. Напрыклад, пакет большага памера або пластыкавы кантэйнер.

Карэспандэнт раёнкі адправіўся ў магазіны горада ў якасці звычайнага пакупніка і даведаўся, як у крамах прадаюць тавары.

У магазіне “Родны кут” райспажыўтаварыства пры набыцці хлеба прадавец спытала, ці патрэбны мне фасовачны пакецік. Я кіўнуў, дадаўшы, што ён павінен быць бясплатным. Пачуў, што фасовачных бясплатных пакетаў няма. У выніку, пасля доўгай спрэчкі на тэму “каму хто і што павінен”, мне загарнулі хлеб у харчовую плёнку. У краме “Каравай” райспажыўтаварыства бясплатнай упакоўкі таксама не аказалася. На просьбу падаць яе прадавец пачала пошукі. За 5 хвілін чакання поспехаў дасягнута не было. Больш чакаць не стаў, сышоў. Магазін “Камелія” райста бясплатнай упакоўкі таксама не меў. Але прадавец раздражнёна паабяцала падарыць платны пакецік.

“Верас”, гандлёвая кропка Валянціны ШАЎЦОВАЙ. Вялікая чарга, жанчына разлічваецца, у яе шмат пакупак, якія падлягаюць бясплатнаму пакаванню. Пытаюся ў прадаўца, ці бясплатныя фасовачныя пакецікі, у якія жанчыне ўпакавалі набытыя прадукты. Тая адказвае адмоўна. Дачакаўся сваёй чаргі, купляю кандытарскі выраб, мне ўпакавалі бясплатна. Магазіны “ААТ “Бакалея Магілёў” “Бакалея №4” па вуліцы Ленінская і “Крама”, якая належыць Андрэю ШУТУ, што па вуліцы Калініна райцэнтра, прыемна здзівілі. Без каментарыяў спакавалі прадукты бясплатна. У магазіне, які належыць Сяргею ЗАЗУЛІНСКАМУ, “Калінцы”, пірожнае паклалі ў платны пакецік. На запыт перапакаваць бясплатна, усё зрабілі. У гандлёвым аб’екце “Хіт” з бясплатнай упакоўкай праблем няма. Фасовачныя пакеты пастаянна знаходзяцца ў свабодным для пакупніка доступе.

Наступным аб’ектам на маім шляху стаў універсам “Ластаўка” райста. Там бясплатная ўпакоўка нібыта ёсць і як бы яе няма. Вам прадаставяць яе, калі вы гатовы бегаць па аддзелах і прасіць бясплатныя фасовачныя пакецікі. Такі своеасаблівы квэст. У гандлёвай зале маюцца фасовачныя пакеты, але яны платныя. Большасць прадукцыі таксама запакавана ў платную тару. У магазіне ДУК ДБП “Бялыніцкая ПМК №241” “Праметэй” хлеб спакавалі платна. У адказ на просьбу перепакаваць бясплатна прадавец адказала, што ў іх бясплатнай упакоўкі няма. У выніку, пасля майго настойлівага патрабавання спакаваць бясплатна праз некалькі хвілін хлеб быў абгорнуты ў харчовую плёнку. У платным пакеце прадалі хлеб і ў магазіне гэтай жа арганізацыі “Візіт+”. На заўвагу прадавец адказала, што бясплатная ўпакоўка скончылася. Потым з-за маёй пераканаўчай просьбы платны пакецік стаў бясплатным.

У магазіне “Гаспадарчыя тавары” райста і ў прыватнай гандлёвай кропцы “Гаспадар”, якой кіруе Андрэй КАЗЛОЎСКІ, я купіў самарэзы, якія абодва прадаўцы спакавалі бясплатна.

Праблемную сітуацыю пракаментавалі так:

– Бясплатная ўпакоўка ў нас маецца. Тое, што яе несвоечасова даставілі ў магазіны, гэта недапрацоўка некаторых загадчыкаў іх. Будуць прыняты меры, недахопы ўхіляюцца. Што тычыцца ўпакоўкі некаторай продукцыі ў платную тару, гэта робіцца з мэтай захаванасці тавару, паколькі платныя пакеты значна надзейней за бясплатныя, – пракаментавала намеснік старшыні райста Галіна МАРОЗАВА.

– Прашу прабачэння за такую сітуацыю. Падобнае больш не паўторыцца. Такія паводзіны прадаўца не дапушчальны. Яна дэпрэміравана, з ёй праведзена размова.

Калі пакупнік лічыць, што прадавец няправільна сябе паводзіць, няхай звяртаецца да мяне, канфлікт будзе ўладжаны, – адзначыў уладальнік магазіна “Калінка” Сяргей Зазулінскі.

Калі вы не знойдзеце ў магазіне бясплатную ўпакоўку, звярніцеся да прадаўцоў. Вам абавязаны яе падаць. Калі вам прапануюць аплаціць фасовачны пакет – смела адмаўляйцеся. Усе заканадаўчыя аргументы на вашым баку. Прымушаюць? Што ж, заплаціце, чэк захавайце, але неадкладна запатрабуйце кнігу заўваг і прапаноў. Яна выдаецца па першым патрабаванні. Рабіце туды запіс і чакайце афіцыйнага адказу.

За нявыдачу пакупніку бясплатнай упакоўкі ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках магазіну пагражае адміністрацыйная адказнасць па ч .1, 3 арт. 12.17 КоАП.

Дзмітрый ЦІХАНАЎ.

Фота аўтара.

Последние новости

Общество

Расписание освящения пасхальной трапезы в г.Белыничи и Белыничском районе

3 мая 2024
Новости района

Итоги мониторинга кадровых перемещений в госорганизациях рассмотрены на заседании Белыничского исполкома

3 мая 2024
Новости района

Белыничане встретили Праздник труда

1 мая 2024
Общество

Поздравление от Анатолия Малашко с Праздником труда – 1 мая

1 мая 2024
Новости района

Поздравление районной исполнительной власти с Праздником труда

1 мая 2024
Новости района

В Белыничах открылась обновленная Доска почёта

30 апреля 2024
Новости района

Белыничане продолжают делиться мнениями о ВНС

30 апреля 2024
Новости района

В Белыничском районе определили места массового отдыха на водоемах

30 апреля 2024
Главное

Лукашенко одобрил проект соглашения с Египтом о системе содействия взаимной торговле

29 апреля 2024
Новости Беларуси

С 1 мая в Беларуси увеличится бюджет прожиточного минимума

29 апреля 2024

Рекомендуем

Новости района

В Белыничах открылась обновленная Доска почёта

30 апреля 2024
Новости района

Белыничский райсполком проводит общественное обсуждение концепции многоквартирного жилого дома

22 апреля 2024
Новости района

ДЭУ-74 в действии: улицы Белыничей преображаются благодаря асфальтогрануляту

23 апреля 2024
РОЧС информирует

В Белыничском районе мужчина получил ожоги

22 апреля 2024
Новости района

В Белыничах прошёл митинг в честь дня рождения Ленина

22 апреля 2024
Новости района

Алексей Кулаков занял место в конкурсе «Педагог дополнительного образования»

23 апреля 2024
Новости района

Празднования в честь Иконы Божией Матери Белыничской прошли в Белыничах

25 апреля 2024
Новости района

В Белыничском районе кипят работы по наведению порядка в рамках республиканского субботника

20 апреля 2024