Рыхтуй сані летам…
Кожны добрасумленны гаспадар клапоціцца аб тым, каб у яго доме заўсёды быў парадак, каб у любую пару года ні ў чым не мець патрэбы. На дапамогу насельніцтву і арганізацыям раёна ў вырашэнні пытанняў загатоўкі і транспарціроўкі драўніны для ацяпляльных катлоў або печаў прыходзіць адно з нашых прадпрыемстваў – філіял «Бялыніцкі райпалівазбыт», які ўзначальвае Сяргей ВАСЬКОЎСКІ.
– На сённяшні дзень прадпрыемства займаецца рэалізацыяй некалькіх відаў дроў: доўгія (4 метры), піленыя і колатыя. Па большай частцы гэта хвойныя і ліставыя пароды дрэў. Асноўным пастаўшчыком драўніны выступае Бялыніцкі лясгас, – адзначае Сяргей Яўгенавіч.
Райпалівазбыт і яго кіраўніцтва ў бягучым годзе ставяць перад сабой задачу рэалізаваць каля 7 тысяч кубоў дроў, а таксама 1,5 тысячы – торфабрыкету. Па словах Сяргея Васькоўскага, па стане на 1 чэрвеня дровамі ўжо забяспечана 440 домаўладанняў, а торфабрыкетам – 144. Рэалізацыя такіх відаў паліва ажыццяўляецца толькі па талонах і ў парадку чаргі.
Трэба адзначыць, што ў параўнанні з мінулым годам попыт насельніцтва на дровы павялічыўся на 20%, брыкет – на 10%. Звязана гэта з умовамі надвор’я і магчымасцю набываць тыя ж дровы ўжо ў «гатовым» выглядзе, а менавіта колатымі. Гэта адразу ж здымае праблему распілоўкі і дрываколу для тых, хто не мае часу або фізічнай сілы для такіх работ: пенсіянеры, адзінокія або адзінокапражываючыя людзі. Папулярнасць піленых і колатых дроў узрасла ў 2 разы ў параўнанні з 2020 годам.
Таксама прадпрыемства аказвае паслугі маніпулятара, распілоўкі драўніны на пілараме. Дарэчы, па выніках работы за 2020 год філіял «Бялыніцкі райпалівазбыт» занесены на раённую Дошку гонару і адзначаны Дыпломам І ступені Магілёўскага камунальнага абласнога ўнітарнага вытворчага прадпрыемства «Аблпаліва».
Па ўсіх пытаннях, звязаных з аказаннем паслуг райпалівазбытам, можна звяртацца па тэлефонах: 78- 105 і 78-106.
Наталля БАРОДЗЬКА.
Фота аўтара.