Темы

Успаміны аб вёсцы Майск

Успаміны аб вёсцы Майск

Гартаючы свой сямейны фотаархіў, наткнулася на цікавы здымак. На ім адлюстравана пачатковая школа ў вёсцы Майск, якая раней была ў складзе Эсьмонскага сельсавета (яго потым далучылі да Машчаніцкага). Чаму гэты здымак мог з’явіцца ў нашай сям’і? Усё вельмі проста: мая маці нарадзілася ў Майску і ў свой час вучылася там у пачатковай школе.

Гэта вёска асабіста для мяне цікавая тым, што ў дзяцінстве тут праходзіў летні адпачынак. Як толькі заканчваўся навучальны год, я са сваімі сёстрамі пакавала чамаданы і мы амаль на ўсё лета адпраўляліся ў госці да дзеда Аўхіма, менавіта так яго звалі аднавяскоўцы. На жаль, сваю бабулю Клаўдзію, жонку дзеда Аўхіма, я не ведала, бо яна памерла да таго, як мы, яе ўнукі, з’явіліся на свет.
Краявіды там настолькі прыгожыя, што апі­саць словамі немагчыма. Іх трэба пабачыць хаця б аднойчы. І я ўпэўнена, што на гэту прыродную прыгажосць вы не забудзецеся ніколі. Нехта скажа: «Ну што там глядзець? Рэчка, лугі якой пазарасталі разнатраўем, лес і ўсё на гэтым.» А я вам адкажу, што гэта рэчка, на беразе якой амаль кожны летні вечар мы, дзетвара, смажылі сала і хлеб на самаробных ражнах, у прахалоднай вадзе Асліка ратаваліся ад летняй спякоты і вудзілі рыбу, мылі з сёстрамі посуд і паласкалі бялізну, рабілі так званае «паляванне» на белыя і жоўтыя гарлачыкі, з якіх потым стваралі бусы, напэўна, першыя нашы жаночыя ўпрыгожанні. На гэтай рацэ я і па сёння з задавальненнем купаюся ў спёку. Пра лес асобная гаворка. Адпаведныя надзелы майскага лесу я ведаю па назвах, якія ўжываў мой дзед. У прыватнасці ён казаў: «Дзеўкі, нагледзеў чарніц на Аўхімавым надзеле, заўтра пойдзем сабярэм.» Ці як вам такі выраз: «Быў сёння ў Сомрах, потым на Лініі, дайшоў да Пітомніка, нідзе баравікоў няма.» Не пытайцеся, што азначаюць дадзеныя назвы. Магу толькі меркаваць, што гэта проста пэўныя назвы ўчасткаў лесу. Так зваў іх мой дзед Аўхім. Напэўна, пад такімі мікратапонімамі ведалі іх і ўсе жыхары малай радзімы маёй маці.
А як у Майску дыхаецца, ведаеце? Не? А я ведаю. Паветра там, лічу без перабольшвання, мае гаючыя ўласцівасці. Праверана на ўласным вопыце. Колькі разоў яно вылечвала асабіста мяне ад мігрэні.
Ёсць яшчэ адна назва ў гэтай вёскі – Пупса. так яе называлі аж да 1964 года. У 1930-ым тут быў створаны калгас імя К.Варашылава. Паводле звестак краязнаўчага энцыклапедычнага даведніка «Бялыніччына», у 1940 годзе ў Майску існаваў 61 двор, дзе пражывалі 332 жыхары. У ліпені 1941 фашысты знішчылі 22 двары і 25 жыхароў. Паблізу вёскі дзейнічае і па сёння Спасаўская крыніца, якая, паводле мясцовага падання, узнікла на пачатку ХVІІІ стагоддзя на месцы згарэлай праваслаўнай капліцы. У дзяцінстве мы часцяком хадзілі з Майска ў Эсьмоны не па шашы, а прамой дарогай, як казалі мясцовыя, па нізе. Гэты шлях быў на чатыры кіламетры карацей і ўзбоч яго, недалёка ад вёскі, знаходзілася Спасаўская крыніца, таму мы заўсёды частаваліся халоднай крынічнай вадой, а потым кідалі ў яе дробныя капейкі і загадвалі жаданне, упэўненыя, што яно спраўдзіцца.
У Майску дзейнічала ў свой час і пачатковая школа. Адным з яе першых настаўнікаў быў мясцовы жыхар Аляксандр ПРОТАС. Першапачаткова школьныя заняткі праходзілі ў доме аднаго з вяскоўцаў. Потым на ўзгорку маляўнічага берага ракі Аслік пабудавалі будынак новай школы, дырэктарам якой у свой час стала маладая настаўніца Таццяна СНЫТКО, якая асабіста ўдзельнічала ў будоўлі школы. Акрамя Таццяны Мікіцічны ў школе працавала яшчэ адна настаўніца – Ганна СКУБІЛАВА.
Таццяна Снытко нарадзілася ў вёсцы Мокравічы тады яшчэ Эсьмонскага сельсавета, пасля заканчэння школы паступіла ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча, па заканчэнні якога была размеркавана на працу настаўніцай у Пупсу. Менавіта там яна і сустрэла свайго будучага мужа Івана ЛАПО. Хутка пара пабралася шлюбам, у якім нара­дзілася трое дзяцей: дачка і двое сыноў. На жаль, ужо няма на гэтым свеце Таццяны Мікіцічны і Івана Максімавіча. Але яны выхавалі дастойных дзяцей, якія ў свой час атрымалі выдатную адукацыю і сталі паважанымі людзьмі. Дачка, Людміла Іванаўна, працавала ў адным з навукова-даследчых інстытутаў горада Мінска, Васіль Лапо з’яўляецца кандыдатам тэхнічных навук, членам-карэспандэнтам Міжнароднай Акадэміі па экалогіі, бяспецы і жыццядзейнасці. Ён таксама эколаг, ваенны інжынер, працаваў у ваенна-інжынерным інстытуце, зараз жыве ў Санкт-Пецярбургу. Малодшы сын Таццяны Мікіцічны і Івана Максімавіча, Сяргей Лапо, ‒ кандыдат тэхнічных навук, палкоўнік унутранай службы, апошнім часам працаваў начальнікам аддзела МНС Расіі па Маскоўскай вобласці. Зараз усе трое знаходзяцца на заслужаным адпачынку.
– Мы з братам і сястрой асабліва запомнілі, як у школе цікава праходзілі разнастайныя святы, – дзеліцца Сяргей ­Лапо. – На Новы год усе школьнікі атрымлівалі падарункі. Штодня на вялікім перапынку пілі гарбату з пячэннем альбо белым хлебам. Асабліва смачная гарбата атрымлівалася з галінак маліны, якую тэхнічка Ева ПЯНЬКОЎСКАЯ гатавала ў сябе дома ў рускай печы. Побач са школай працякала рака, і вясной, у крыгаход, некаторыя дзеці каталіся на крызе, а потым сушылі вопратку каля печы і атрымлівалі наганяй ад настаўнікаў. Таксама на мяжы 50-60 гадоў мінулага стагоддзя па рэчцы сплаўляўся лес і школьнікі каталіся на бярвёнах. Вось такія тады былі дзіцячыя забавы.
Майская пачатковая школа мела два вучэбныя памяшканні і настаўніцкую. Ацяпленне, зразумела, было пячное. Каб школьнікі не замерзлі падчас вучэбнага працэсу, печкі тапілі зранку, да пачатку заняткаў. Да 1966 года класы асвятляліся газавымі лямпамі, потым з’явілася электрычнасць. Меўся ў школы і свой прыся­дзібны надзел, які апрацоўвалі самі вучні, педагагічны і тэхнічны персанал. На прышкольным агародзе вырошчвалася разнастайная гародніна, лішкі якой здавалі ў нарыхтоўчую кантору, на атрыманыя грошы набывалі неабходныя рэчы для патрэб навучальнай установы.
Аўтару гэтага артыкула прыгадалася, як аднойчы, прыехаўшы да любімага дзеда ў госці, назірала такую карціну: каля Майскай школы чыйсьці агрэсіўны баран бадаў нейкага хлапчука. Хоць месца майго назірання і знаходзілася далёка ад непасрэдных падзей, але ж тады я вельмі напалохалася, і баялася, каб гэты баран не напаў таксама і на вашу пакорную слугу. Я, дурненькая, тады яшчэ не ведала, колькі падобных «баранаў» сустрэнецца на маім жыццёвым шляху. Аднак, гаворка не аб гэтым.
Майская зямля стала месцам нараджэння не толькі талентаў з роду Таццяны Снытко і Івана Лапо. Вядома як мінімум пра яшчэ аднаго самародка беларускай зямлі, якім можна таксама ганарыцца, – гэта Мікалай Пятровіч ЛАПО, ураджэнец вёскі Майск, скончыў Эсьмонскую сярэднюю школу і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, з’яўляецца кандыдатам матэматычных навук. Працаваў у Інстытуце матэматыкі НАН Беларусі, дацэнтам кафедры вышэйшай матэматыкі Мінскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжу. Займаўся праблемамі лічбавага мадулявання фізічных працэсаў. Некаторыя навуковыя распрацоўкі ўкаранёны ў вытворчасць. Даследванні змешчаны ў «Весцях фізіка-тэхнічных навук», «Весцях фізіка-матэматычных навук» НАН Беларусі і іншых спецыялізаваных выданнях.
Вялікі дзякуй ураджэнцам Майска Сяргею, Васілю і Людміле Лапо за тыя звесткі і ўспаміны, дзякуючы якім напісаны гэты артыкул. З яго пачынаецца цыкл публікацый творчага праекта «Фота нагадала».

 

Паважаныя чытачы, калі ў вашым сямейным архіве захаваліся дарагія вашаму сэрцу здымкі, якія нагадваюць пра тую ці іншую падзею вашага жыцця, смела прынось­це іх альбо дасылайце аўтару на адрас рэдакцыі: вул.Савецкая, 27, ці па электроннай пошце: zara.nd@mail.ru.

Наталля СІДАРОВІЧ.
Фота з уласнага архіва аўтара
і Сяргея Лапо.

Последние новости

Главное

“Не просто впечатляет”. Лукашенко о предварительных результатах проверки дежурных сил ВВС и войск ПВО

3 мая 2024
Общество

Расписание освящения пасхальной трапезы в г.Белыничи и Белыничском районе

3 мая 2024
Новости района

Итоги мониторинга кадровых перемещений в госорганизациях рассмотрены на заседании Белыничского исполкома

3 мая 2024
Новости района

Белыничане встретили Праздник труда

1 мая 2024
Общество

Поздравление от Анатолия Малашко с Праздником труда – 1 мая

1 мая 2024
Новости района

Поздравление районной исполнительной власти с Праздником труда

1 мая 2024
Новости района

В Белыничах открылась обновленная Доска почёта

30 апреля 2024
Новости района

Белыничане продолжают делиться мнениями о ВНС

30 апреля 2024
Новости района

В Белыничском районе определили места массового отдыха на водоемах

30 апреля 2024
Главное

Лукашенко одобрил проект соглашения с Египтом о системе содействия взаимной торговле

29 апреля 2024

Рекомендуем

Новости района

В Белыничах открылась обновленная Доска почёта

30 апреля 2024
Новости района

Белыничский райсполком проводит общественное обсуждение концепции многоквартирного жилого дома

22 апреля 2024
Новости района

ДЭУ-74 в действии: улицы Белыничей преображаются благодаря асфальтогрануляту

23 апреля 2024
РОЧС информирует

В Белыничском районе мужчина получил ожоги

22 апреля 2024
Новости района

В Белыничах прошёл митинг в честь дня рождения Ленина

22 апреля 2024
Новости района

Алексей Кулаков занял место в конкурсе «Педагог дополнительного образования»

23 апреля 2024
Новости района

Празднования в честь Иконы Божией Матери Белыничской прошли в Белыничах

25 апреля 2024
Новости района

В Белыничском районе кипят работы по наведению порядка в рамках республиканского субботника

20 апреля 2024