Темы

Пра працу ў ІСН і яе цяжкасці распавяла Святлана Патапенка

Пра працу ў ІСН і яе цяжкасці распавяла Святлана Патапенка

Працаваць з дзецьмі – вялікая адказнасць у любой сферы, паколькі кожнае дзіця і яго псіхалагічны стан – гэта нязведаны сусвет. Спецыяліст інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Святлана Патапенка прызнаецца, што пра кар’еру ў міліцыі яна ніколі не марыла і доўга шукала сваё прызванне ў жыцці. І вось воляй лёсу дзяўчына ўжо 4 гады працуе з «цяжкімі» падлеткамі.

Святлана нарадзілася і вырасла на радзіме згушчонкі, у горадзе Рагачоў Гомельскай вобласці. Вучылася на факультэце правазнаўства дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны.
– Яшчэ ў школьныя гады пазнаёмілася з будучым мужам Максімам і адразу адзін у аднаго закахаліся, – распавядае дзяўчына. – Калі яго накіравалі па размеркаванні ў Бялыніцкую ­ПМК-241, я не задумваючыся паехала разам з ім.
Неўзабаве ў пары нарадзілася дачушка Аліса і маладая сям’я засталася ў Прыдруцкім краі будаваць шчаслівае сямейнае жыццё.
Па прыездзе Святлана Патапенка стала працаваць кіраўніком гуртка па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ў Цэнтры культуры. Але з часам вырашыла ­прымяніць на практыцы дыплом юрыста і ўладкавалася ў раённы суд, дзе адпрацавала два гады, а атрымаўшы прапанову заняць пасаду інспектара ІСН ­РАУС, адразу пага­дзілася. Хаця яе і папярэджвалі, што будзе няпроста, за ўсе гады працы яна не пашкадавала, што выбрала такі складаны шлях.
Святлана адзначае, што праца ў права­ахоўных органах – гэта ўсё ж больш для мужчын. Хоць і ўпэўнена: жанчыны выконва­юць свой абавязак не горш, але ім на­шмат цяжэй маральна. Складана ёй было адаптавацца і да сітуацый, з якімі прыйшлося сутыкацца падчас працы ў інспекцыі.
З падлеткамі прасцей дамовіцца
Адзін з абавязкаў Святланы Патапенкі – праца з «цяжкімі» дзецьмі.
– У кожным такім падлетку трэба ба­чыць перш за ўсё дзіця, якое часта проста аказваецца заложнікам няпростай жыццёвай сітуацыі. Як бы гэта банальна ні гучала, тут важна да кожнага дзіцяці знайсці падыход, – адзначае Святлана. – І амаль заўсёды мы стараемся гэтага дабіцца. Для некаторых падлеткаў складанне пратакола – горш за смерць, таму хапае размовы па душах. Але ёсць і такія «экзэмпляры», па якіх адразу відаць – толку з іх не будзе.
– Была ў нас падапечная дзяўчынка, – працягвае спецыяліст ІСН. – З 13 гадоў пачала весці дастаткова дарослы лад жыцця. Выклікалі на гутарку і чулі абяцанкі, што гэта быў апошні раз. Але праз тыдзень усё паўтаралася. Тлумачыла свае ўчынкі проста – маўляў, ужо дарос­лая. Якую б каласальную працу не праводзіла міліцыя, школа, калі ў першую чаргу бацькі не зацікаўлены ў тым, каб іх дзіця вырасла нармальным чалавекам, усе агульныя намаганні пой­дуць дарэмна. Бо па статыстыцы 90% дзяцей, якія трапляюць у поле зроку міліцыі, – гэта выхадцы з сем’яў, дзе ёсць праблемы. У адной – бацькі вядуць асацыяльнае жыццё, у другой сям’і маці выйшла другі раз замуж і стала ­больш часу надаваць новаму мужу, не цікавячыся інтарэсамі дзіцяці. І, тым не менш, калі бачыш вынік сваёй працы, калі з хулігана вырастае дастойны грама­дзянін, які знахо­дзіць добрую працу, заво­дзіць сям’ю, выхоўвае дзяцей, – душа радуецца, – з гонарам адзначае Святлана ­Патапенка і тут жа канстатуе, што ў яе практыцы ёсць выпадкі, калі даво­дзіцца мець справу з дзецьмі, бацькі якіх калісь­ці былі «падапечнымі» інспекцыі: – Недабранадзейнасць перадалася па спадчыне, жартуюць у такіх сітуацыях.
І яшчэ адно назіранне Святланы Леанідаўны за гады працы ў міліцыі: вельмі часта прычынай таго, што дзіця патрапіла на ўлік у ІСН, становіц­ца нежаданне дарослых дамовіц­ца паміж сабой. Пабіліся хлопчыкі ў двары – і мамы, замест таго, каб вырашыць канфлікт мірным шляхам, выклікаюць міліцыю. У выніку пакутуюць толькі дзеці, яны абодва ставяцца на ўлік.


Самае цяжкае – забіраць дзіця ў маці
Як сумна ні было б, але спецыялісту інспекцыі па справах непаўналетніх даводзіцца выконваць і вымушаную працу, якая проста разрывае сэрца.
– Мы не маем такога права, каб асуджаць кагосьці, але часам адбываецца і такое: ты вырываеш дзіця, якое плача і крычыць, з рук п’янай маці і разумееш – на дадзены момант гэта лепшае, што ты можаш для яго зрабіць, – кажа яна.
Мабыць, гэта самае цяжкае з маральнага пункту гледжання. Святлана прызнаецца, што з пачатку працы ў міліцыі ёй было сорамна зазіраць у чужыя халадзільнікі, у літаральным сэнсе капацца ў чужой бялізне. Імкнулася, каб у кішэні заўсёды была цукерка ці пячэнне, каб пачаставаць дзіця і прыўнесці ў яго нялёгкае жыццё хоць маленькую радасць. А ўлічваючы, што Святлана сама маці, перажываць гэтыя сітуацыі ёй яшчэ складаней.
– Адзін з апошніх выпадкаў – сям’я выхоўвала шасцярых непаўналетніх дзяцей, – распавядае Святлана Леанідаўна. – Пастаянна патраплялі ў сацыяльна небяспечнае становішча, але жылі ў нядрэнных умовах. У нейкі момант маці знайшла іншага мужчыну і пайшла з дому, забраўшы ўсіх дзяцей. Калі я прыехала праверыць, як яны жывуць, была шакаваная. Дзеці хадзілі па пакоях у куртках, у хаце абсалютна не было прадуктаў, тапіць дом таксама няма чым. Колькі разоў забіралі дзяцей у гора-матулі, абяцала, што ўсё будзе добра, яна выправіцца, але як толькі дзеці вярталіся дадому – усё пачыналася па-старому.
– На жаль, ёсць і такія маці, якія без лішніх пытанняў адразу згаджаюцца на пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Ім проста надакучылі іх уласныя дзеці… Ім яны не патрэбны. Хоць для жанчыны дзіця – гэта самае каштоўнае, што можа быць, – разважае Святлана Патапенка.
7 снежня Бялыніцкі райаддзел міліцыі адзначыў 97-годдзе з даты заснавання. Падчас урачыстага мерапрыемства Святлана ­Патапенка атрымала падзяку за прафесійную і добрасумленную працу, паспяховае выкананне задач, якія стаяць перад яе структурным падраздзяленнем.

Вера САЎЧУК.
Фота Аліны ЦЫГАНІЙ.

 

Последние новости

Новости района

Белыничане встретили Праздник труда

1 мая 2024
Общество

Поздравление от Анатолия Малашко с Праздником труда – 1 мая

1 мая 2024
Новости района

Поздравление районной исполнительной власти с Праздником труда

1 мая 2024
Новости района

В Белыничах открылась обновленная Доска почёта

30 апреля 2024
Новости района

Белыничане продолжают делиться мнениями о ВНС

30 апреля 2024
Новости района

В Белыничском районе определили места массового отдыха на водоемах

30 апреля 2024
Главное

Лукашенко одобрил проект соглашения с Египтом о системе содействия взаимной торговле

29 апреля 2024
Новости Беларуси

С 1 мая в Беларуси увеличится бюджет прожиточного минимума

29 апреля 2024
Новости Беларуси

С 1 мая вырастут госпособия семьям, воспитывающим детей

29 апреля 2024
Общество

Два «серебра» завоевали белыничские самбисты в открытом первенство БФСО «Динамо»

29 апреля 2024

Рекомендуем

Новости района

В Белыничском районе прошел традиционный день призывника

19 апреля 2024
Новости района

Белыничский райсполком проводит общественное обсуждение концепции многоквартирного жилого дома

22 апреля 2024
Новости района

В Белыничах прошёл митинг в честь дня рождения Ленина

22 апреля 2024
Новости района

В Белыничах открылась обновленная Доска почёта

30 апреля 2024
Новости района

ДЭУ-74 в действии: улицы Белыничей преображаются благодаря асфальтогрануляту

23 апреля 2024
РОЧС информирует

В Белыничском районе мужчина получил ожоги

22 апреля 2024
Новости района

Алексей Кулаков занял место в конкурсе «Педагог дополнительного образования»

23 апреля 2024
Новости района

В Белыничском районе кипят работы по наведению порядка в рамках республиканского субботника

20 апреля 2024