Темы

Жыла, працавала, дзяцей гадавала

Жыла, працавала, дзяцей гадавала

У вёску Аксенькавічы па заданні рэдакцыі даводзілася ездзіць не аднойчы. А вось па снезе рэдакцыйны жыгулёнак вёз мяне ўпершыню. Аб тым, што гэты аддалены закуток Бялыніччыны рэдка наведвае які-небудзь аўтатранспарт, сведчыла адзінокая каляіна веласіпеда, які рэдакцыйнае аўто хутка нагнала на пад’ездзе да Аксенькавіч, – гэта прадавец мясцовага магазіна спяшалася на працу. Ну а я спяшалася на сустрэчу з 92-гадовай жыхаркай вёскі Марыяй ХІТРЫКАВАЙ.

Марыя Мінаўна сустрэла мяне каля веснічак пытаннем: «Аб чым вы хочаце напісаць?». Тлумачу, што лёс кожнага чалавека па- свойму цікавы, а калі гэты чалавек нарадзіўся, вырас, жыў, працаваў, дзяцей выхоўваў падчас існавання эпохі СССР, быў сведкай яе развала і нараджэння новай дзяржавы, то цікавей удвайне.
Жыццё ўвогуле не песціла жанчыну. У яе маці з 7-мі дзяцей выжылі толькі двое, пяцёра памерлі ў маленстве. Акрамя Марыі Мінаўны ў сям’і падрастаў і яе старэйшы брат Мікалай. Калі дзяўчынцы споўнілася 5 гадоў, захварэў, а потым памёр тата. А праз некаторы час у іх жыццё, як і ў лёс многіх іншых савецкіх грамадзян, уварвалася страшэнная бяда – Вялікая Айчынная вайна. Хутка брата прызвалі ў шэрагі Чырвонай арміі і засталіся на гаспадарцы адны жанчыны.
– Памятаю, як аднойчы мы з маці пайшлі на раку паласкаць бялізну, – успамінае Марыя Хітрыкава. – І раптам наляцелі нямецкія самалёты і пачалі бамбіць вёску. Які жах мы тады перажылі, не перадаць словамі. Але, як толькі мы вярнуліся дадому, то адчулі яшчэ большы жах, бо ўбачылі, што наша хата ад бамбёжкі згарэла амаль датла. Адзінае, што ў нас засталося, – гэта тая бялізна, якую мы паласкалі на рацэ. Мы не ведалі, куды нам дзецца і што рабіць. Дзякуй добрым людзям, нас пусціла да сябе пажыць сястра маёй маці. Аднак, я вам скажу, што цяжка жыць у чужой сям’і, нават калі яна даводзіцца блізкай раднёй, усё роўна ты знаходзішся на правах госця. Зразумела, што ў вайну новую хату не пабудуеш, дый і няма каму гэтым займацца, таму праз нейкі час мы перабраліся з маці жыць у зямлянку.
Як успамінае Марыя Мінаўна, нямецкіх гарнізонаў паблізу Аксенькавічаў не было. Немцы то бамбілі вёску, то рабілі разавыя налёты. У адзін з іх Марыя са сваёй стрыечнай сястрой і яе татам пабеглі хавацца ў лес. Дзяўчынка прыхапіла з сабой невялікі скарб, які па дарозе згубіла. Вярнулася, каб адшукаць яго, але дзе там… Пайшла назад да сваіх у лес і заблукала, стамілася, прысела і неўпрыкмет заснула. Прачнулася ад выбухаў бомб, перачакаўшы якія з асцярожнасцю вярнулася ў вёску. Маці, якая не паспела збегчы з ёй у лес, спачатку распытвала, дзе яна так доўга была, а потым расказала, што немцы павыганялі ўсіх жыхароў з дамоў, некаторых збівалі, асабліва дасталася бабе Маўры.
Толькі скончыла маці свой расказ, як зноў у вёску прыехалі немцы і зноў павыганялі з двароў усіх на вуліцу, аднак цяпер нікога асабліва не чапалі. Так і перажылі ўсю вайну: то немцы наляцяць, то партызаны прыдуць. А за два месяцы да заканчэння вайны, прыйшло ў іх і так невялікую сям’ю зноў гора: яе брат, Драздоў Мікалай Мінавіч, загінуў у баях ва Усходняй Прусіі.
– Цяжка нам тады прыйшлося з маці, – дзеліцца жанчына. – Быў адзін мужчына ў хаце і таго забрала вайна. Усе мае браты і сястра памерлі. Не ведаю, як я яшчэ жыву на гэтым свеце.
Паступова пасляваеннае жыццё наладжвалася. Марыя Мінаўна пайшла працаваць у мясцовы калгас даяркай. Калі ёй споўнілася 22 гады, пабралася шлюбам з мясцовым хлопцам Мікалаем Хітрыкавым.


– Вельмі добры быў у мяне муж: працавіты, не піў, мяне шкадаваў. Вяселле згулялі ў студзені, а ўжо ў маі яго забралі ў армію, – уздыхае жанчына. – Вярнуўся мой Коля толькі праз тры з паловай гады. І я ўвесь гэты час яго чакала, а што было рабіць. Нарадзілася ў нас чацвёра дзетак. Старэйшы сынок памёр у маленстве. На жаль, пражылі мы з мужам усяго дваццаць гадоў, потым і ён дачасна пайшоў з жыцця. Малады быў, яшчэ б жыць ды жыць. На той момант нашаму старэйшаму сыну яшчэ не было васемнаццаці гадоў, а малодшаму толькі дзесяць споўнілася. Але гараваць не было часу, трэба ж паднімаць дзяцей на ногі. Працавала, не шкадуючы сябе. Кожны дзень прачыналася ў чатыры гадзіны раніцы. Мой сын пытаўся: «Як ты, мама, можаш падымацца так рана? А зараз сам у гэткі ж час прачынаецца.
Шчыравала Марыя Хітрыкава ўсё сваё працоўнае жыццё ў сельскай гаспадарцы даяркай. За выдатныя вытворчыя поспехі, выкананне і перавыкананне нормаў і планаў ёй прысвоена званне «Ударнік камуністычнай працы», узнагароджана нагруднымі знакамі «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1973 года», «Ударнік адзінаццатай пяцігодкі», за пос­пехі, дасягнутыя ў сацыялістычным спаборніцтве па павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак прадуктаў жывёлагадоўлі ў зімовы перыяд 1972-1973 гадоў Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР узнагароджана Граматай Вярхоўнага Савета, у 1975 годзе за дасягненне высокіх паказчыкаў па надоях малака Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР яе адзначылі медалём «За працоўную выдатнасць». Па выніках 1985 года Марыя Мінаўна заняла трэцяе месца сярод даярак саўгаса «Падзевічы» па надоях малака ад адной каровы і ўзнагароджана граматай гаспадаркі.
Марыя Хітрыкава пражыла цяжкае і складанае жыццё. Але яна не скарылася перад выпрабаваннямі лёсу, а ўпэўнена пераадольвала іх. Працавала сумленна, не дзеля ўзнагарод, а таму што па-іншаму не магла і не ўмела, такой яе выхавала маці.
– Калі б магла, то і зараз бы працавала ў калгасе, – кажа жанчына. – Многія кажуць гэта цяжка, а мне б маю мала­досць – і я зноў пай­шла б шчыраваць даяркай.
Марыя Мінаўна выгадавала і адправіла ў дарослае жыццё выдатных, працалюбівых, як і яна сама, дваіх сыноў і дачку, якія не забываюцца на матулю. Яны падарылі жанчыне шасцёра ўнукаў, і на сёння яна з’яўляецца яшчэ і прабабуляй дзесяці праўну­каў. На вялікі жаль, пандэмія перавярнула звычайны лад у тым ліку і гэтай сям’і, таму што наведаць маці, бабулю, прабабулю ўдаецца не так часта як хацелася, але родныя пастаянна тэлефануюць і спраўляюцца аб яе здароўі і справах надзённых. Старэйшы сын Уладзімір часта запрашае маці жыць да сябе ў Магілёў. На што яна заўсёды адказвае: «Не, сынок, не паеду, не хачу. Пакуль ха­дзіць здужаю, буду тут у сваёй хаце жыць».
Падчас нашай гутаркі Марыя Мінаўна некалькі разоў сама ў сябе спытала: «Не ведаю, навошта я яшчэ жыву?» Мне здаецца, што Бог забраў дачасна яе маленькіх братоў, сястру і сыночка, а ўзамен падоўжыў жыццёвы шлях гэтай выдатнай жанчыны. Так гэта ці не, хто скажа? Дык пажадаем жа ёй моцнага здароўя і бадзёрасці духу.

Наталля СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара і з уласнага
архіва Марыі Хітрыкавай.

Последние новости

Новости области

Память жертв катастрофы на Чернобыльской АЭС почтили сегодня в Славгороде.

26 апреля 2024
Новости района

В Белыничах прошел областной этап республиканской спартакиады по мотоциклетному спорту

26 апреля 2024
Новости Беларуси

Бесплатный видеокурс для профилактики деменции открыло Минтруда Беларуси

26 апреля 2024
РОВД информирует

26 апреля – Единый день безопасности дорожного движения

26 апреля 2024
Новости района

Празднования в честь Иконы Божией Матери Белыничской прошли в Белыничах

25 апреля 2024
Главное

ВНС 25 апреля продолжает работу. В повестке дня – утверждение Концепции нацбезопасности и Военной доктрины

25 апреля 2024
Главное

Выступление Президента Беларуси на заседании седьмого Всебелорусского народного собрания

25 апреля 2024
Общество

55 случае насилия в семье зафиксировано с начала 2024 года в Белыничском районе

24 апреля 2024
Новости области

24 апреля состоится крестный ход из Могилёва в Белыничи

23 апреля 2024
Новости Беларуси

Как отдыхаем в мае?

23 апреля 2024

Рекомендуем

РОВД информирует

В Белыничском РОВД рассказали, почему с мошенниками лучше вообще не вести никаких разговоров

15 апреля 2024
Новости района

В Белыничском районе прошел традиционный день призывника

19 апреля 2024
РОЧС информирует

РОЧС: на территории Вишовского сельсовета будут проводится профилактические мероприятия

17 апреля 2024
РОЧС информирует

Спасатели призывают не оставлять детей без присмотра

17 апреля 2024
Новости Беларуси

Мокрый снег и заморозки. Синоптики прогнозируют похолодание на этой неделе

15 апреля 2024
Новости района

Белыничский райсполком проводит общественное обсуждение концепции многоквартирного жилого дома

22 апреля 2024
Новости Беларуси

Патрулирование и контроль. Сотрудники МВД обеспечат правопорядок на селе

18 апреля 2024
Главное

“Есть чем гордиться, но надо двигаться дальше”. Вот что требует Лукашенко от сельского хозяйства

16 апреля 2024