Темы

Пара, якая адзначыла 50 гадоў сумеснага сямейнага жыцця, падзялілася сакрэтамі шчаслівага шлюбу

Пара, якая адзначыла 50 гадоў сумеснага сямейнага жыцця, падзялілася сакрэтамі шчаслівага шлюбу

Каханне жыве куды даўжэй, чым тры гады, а шлюб яго толькі ўзмацняе. Людзі, якія шчасліва пражылі разам не адзін дзясятак гадоў, сваім станоўчым прыкладам сапраўднага кахання кожны новы дзень даказваюць гэтыя простыя жыццёвыя ісціны. Карэспандэнт раёнкі разам з парай, якая адзначыла 50 гадоў сумеснага сямейнага жыцця, вывела формулу вечнага кахання.

Асабістая навагодняя казка
Гісторыя іх знаёмства ‒ без галавакружных дэталей. Сустрэліся Пётр Віктаравіч і Вера Аляксандраўна АКАЛАКУЛАК выпадкова падчас вучобы ў Жыліцкім сельскагаспадарчым каледжы: аказаліся ў агульнай кампаніі сяброў. А далей – справа рук Купідона. Праз паўгода пасля знаёмства маладыя распісаліся ў ЗАГСе Кручанскага сельсавета Круглянскага раёна. Адлік іх шчаслівага сумеснага жыцця пачаўся 31 снежня 1971 года.
– Там я нарадзіўся. Прыехалі, каб пазнаё­міць нявесту з маёй сям’ёй, – пачынае аповед Пётр Віктаравіч. – Усе ў адзін голас сказалі, маўляў, няма чаго адкладаць у доўгую скрыню, трэба ісці і распісвацца! Вось і пайшлі 3 кіламетры пешшу да ЗАГСу.
– Такая своеасаблівая навагодняя казка, – з усмешкай падхоплівае Вера Аляксандраўна.
А 13 сакавіка 1972 года ўжо згулялі вяселле. Больш за ўсіх радаваліся закаханыя сэрцы: наперадзе было цэлае жыццё, якое па ўяўленні маладых павінна было быць абавязкова доўгім і шчаслівым, бо яны кахалі адзін аднаго.
– Час праляцеў вельмі хутка, пяцьдзясят гадоў прайшлі, як адзін дзень, – працягвае Пётр Акалакулак. – І ўсё таму, што звязаны былі адной мэтай – стварэннем шчаслівай сям’і. А яшчэ ўдарнай працай у сельскай гаспадарцы.
У сямейнай пары ёсць 2 сыны і дачка, трое ўнукаў. Цікава, што абодва з нарачоных выраслі ў сем’ях, дзе было па 7 дзяцей. Таму, што такое вялікая і моцная сям’я, ведаюць не па чутках.
Праца на зямлі – справа ўсяго жыцця
Пасля тэхнікума маладая сямейная пара працавала ў в. Круча, а пазней вярнулася ў мілы сэрцу куток – на малую радзіму Веры Аляксандраўны – вёску Ількавічы.
Не адзін дзясятак гадоў сям’я Акалакулак прысвяціла сельскай гаспадарцы ў калгасе імя Ільіча, які зараз далучаны да ААТ «Аграсэрвіс». Сваёй самаадданай працай яны дасягнулі значных прафесійных вышынь. Былі перадавікамі і заўсёды займаліся тым, да чаго імкнулася душа. Пётр Віктаравіч шчыраваў вадзіцелем, атрымаў медаль «За працоўныя заслугі», неаднаразова займаў прызавыя месцы на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах на ўборцы ўраджаю. У 2012 годзе, напрыклад, за першае месца ў рэспубліканскіх «Дажынках» яму ўручылі ў падарунак матацыкл. Вера Аляксандраўна працавала начальнікам участка гаспадаркі. Пра высокую адказнасць і прафесіяналізм жанчыны сведчаць залаты медаль ВДНГ СССР за поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі і іншыя шматлікія граматы, якія яна беражэ ў сямейным архіве побач з дарагімі сэрцу фатаграфіямі, дзе кожная мае сваю гісторыю, што з цеплынёй захоўваецца глыбока ў душы гаспадароў дома. Яго, дарэчы, пара Акалакулак узвяла ўласнымі рукамі.
Сціпла расказваюць яны аб тым, як у прамым сэнсе слова жылі сваёй працай, якая заўсёды была на першым месцы.
– Сыходзілі з дому ў 6 гадзін раніцы, прыходзілі запоўнач, – успамінае Вера Аляксанд­раўна. – Спяшаліся на работу адной дарогай, у любы час дня і ночы, у любую пару года. Бывала такое, што прыйду дадому позна ўвечары, толькі лягу – званок. Я маме кажу, маўляў, калі што, мяне няма. А ў рэшце рэшт усё роўна ўста­вала і зноў ішла на працу.
Нам, маладому пакаленню, вучыцца і вучыцца ў такіх людзей жыццёвай мудрасці і жаданню працаваць для сябе, сям’і, краіны. Зрэшты, Пётр Віктаравіч і Вера Аляксанд­раўна – дзеці зямлі, і як ніхто іншы ведаюць цану працы на матулі-карміцельцы. Цяпер сямейная пара ўжо два гады знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Была ў іх маг­чымасць перабрацца ў горад да дзяцей, але яны з роднай вёскі не з’ехалі, не змагла заманіць цывілізацыя карэнных вяскоўцаў, бо тут прайшлі цэлыя дзесяцігоддзі, напоўненыя рознымі падзеямі. Яны ніколі не баяліся складанай працы і зараз, нягледзячы на шаноўны ўзрост, утрымліваюць сваю прысядзібную гаспадарку ва ўзорным парадку. Гэтыя людзі сапраўдныя сельскія працаўнікі, галоўныя прынцыпы іх адносін – дапамога адзін аднаму, павага і клопат. Турботай акружаны і іх хатнія гадаванцы – парасяты, куры, гусі і індыкі. Цяпер увесь вольны час прысвечаны хатняй гаспадарцы і любімым дзецям і ўнукам. Вера Аляксандраўна лю­біць знаходзіць у інтэрнэце цікавыя рэцэпты, прытрымліваецца правільнага харчавання. А Пётр Віктаравіч захапляецца высаджваннем розных гатункаў руж. Шкада, што зараз не лета і можна толькі ўяўляць, як прыгожа яны квітнеюць, адлюстроўваючы ўнутраны свет гэтай сямейнай пары.
Дзень залатога вяселля
Адзначалі муж і жонка юбілей удваіх.
– Дзеці зрабілі нам сюрпрыз, падарылі вялікі букет з 50-ці руж, заказалі асобную залу ў кафэ, – распавядае Пётр Віктаравіч. – Упры­гожылі ўсё і арганізавалі нам рамантычную вячэру. Мы добра правялі час, успомнілі прыемныя моманты сумеснага жыцця, падзякавалі адзін аднаму за каханне і за дзяцей, патанцавалі.
Іх саюз без сумнення можна назваць узорным. Пётр Віктаравіч і Вера Аляксандраўна адзін для аднаго – галоўная надзея, падтрымка і апора.
На пытанне аб сакрэце доўгага сямейнага жыцця адказваюць, што ў сям’і трэба быць адказнымі перад сваёй палавінкай, пазбя­гаць сварак, а ўжо калі яна здарылася, то адразу мірыцца. Бо захаваць сям’ю, каханне і гармонію адносін на доўгія гады – гэта не займаль­ная прыгода або рамантыка першых спатканняў, а пастаянная штодзённая праца на працягу доўгага часу.
– У тую самую навагоднюю ноч, 50 гадоў назад, калі білі куранты, я загадала вялікую і моцную сям’ю, знайсці сваё месца, пражыць шчаслівае жыццё, – дзеліцца Вера Аляксанд­раўна. – І зараз з упэўненасцю магу сказаць, што ўсё спраўдзілася!
Сужэнцы Акалакулак разам не адзін дзясятак гадоў, іх жыццё пацвярджае моц сямей­ных сувязей і асноў. І, гледзячы на іх, сваю гісторыю кахання і вернасці пішуць іх дзеці і ўнукі.

Фота з асабістага архіва
сям’і Акалакулак.

Последние новости

Новости района

Белыничане встретили Праздник труда

1 мая 2024
Общество

Поздравление от Анатолия Малашко с Праздником труда – 1 мая

1 мая 2024
Новости района

Поздравление районной исполнительной власти с Праздником труда

1 мая 2024
Новости района

В Белыничах открылась обновленная Доска почёта

30 апреля 2024
Новости района

Белыничане продолжают делиться мнениями о ВНС

30 апреля 2024
Новости района

В Белыничском районе определили места массового отдыха на водоемах

30 апреля 2024
Главное

Лукашенко одобрил проект соглашения с Египтом о системе содействия взаимной торговле

29 апреля 2024
Новости Беларуси

С 1 мая в Беларуси увеличится бюджет прожиточного минимума

29 апреля 2024
Новости Беларуси

С 1 мая вырастут госпособия семьям, воспитывающим детей

29 апреля 2024
Общество

Два «серебра» завоевали белыничские самбисты в открытом первенство БФСО «Динамо»

29 апреля 2024

Рекомендуем

Новости района

В Белыничах открылась обновленная Доска почёта

30 апреля 2024
Новости района

В Белыничском районе прошел традиционный день призывника

19 апреля 2024
Новости района

Белыничский райсполком проводит общественное обсуждение концепции многоквартирного жилого дома

22 апреля 2024
Новости района

ДЭУ-74 в действии: улицы Белыничей преображаются благодаря асфальтогрануляту

23 апреля 2024
РОЧС информирует

В Белыничском районе мужчина получил ожоги

22 апреля 2024
Новости района

В Белыничах прошёл митинг в честь дня рождения Ленина

22 апреля 2024
Новости района

Алексей Кулаков занял место в конкурсе «Педагог дополнительного образования»

23 апреля 2024
Новости района

Празднования в честь Иконы Божией Матери Белыничской прошли в Белыничах

25 апреля 2024