Темы

Усё гэта – наша памяць!

У Аляксандра Мікалаевіча СМАРГУНОВА прыроджаны талент захавальніка рэліквій. Яго жыллё – сапраўднае свяцілішча, запоўненае рэчамі, дарагімі сэрцу гаспадара. Гэтыя «талісманы мінулага» саграваюць душу, ствараюць цёплую аўру, у асяроддзі якой утульна і камфортна жыць у сучасным няпростым і пераменлівым свеце.

Адразу за ўваходнымі дзвярыма ў калідоры на ўсю сцяну – кніжныя стэлажы. Цяпер рэдка ў якой кватэры ўбачыш такое ў інтэр’еры: не модна. А за кожнай жа кнігай стаіць цэлая гісторыя: і як няпроста яна даставалася ў савецкі дэфіцытны час, і з якой любоўю прачытвалася ад вокладкі да вокладкі, і чаму навучыла ў жыц­ці. Вось, напрыклад, зборнік аповесцей Васіля Быкава з аўтографам аўтара. Падпісана для жонкі Аляксандра Мікалаевіча Ларысы Іванаўны, дарэчы, як і знакаміты беларускі пісьменнік, – ураджэнкі г.п. Ушачы Віцебскай вобласці. Гэта муж і жонка Смаргуновы разам шмат гадоў таму назад прысутнічалі на творчым вечары Васіля Уладзіміравіча.
За шклянымі дзверцамі кніжных шаф – граматы, падзякі, і кожная нагадвае аб асобным этапе жыцця. Усе сцены ў пакоях – у шыкоўных карцінах з прыроднымі краявідамі, якія піша сын Аляк­сандр, настаўнік біялогіі Эсьмонскага ВПКДССШ.
Там, дзе ўсё пачыналася
Аляксандр Мікалаевіч тоіць надзею, што ўлетку яны ўсёй сям’ёй паедуць на Шклоўшчыну, наведаюць яго родную вёску Загор’е. Сын Саша разгорне палатно і рэалістычна ўвасобіць на ім, як рэчка Ульянка дзівоснымі выгібамі маляўніча ўпадае ў магутны Днепр. І зараз гэтая карціна ўсплывае ў памяці Аляксандра Смаргунова яшчэ з далёкіх дзіцячых успамінаў, хоць пажыць яму ў Загор’і давялося і нядоўга. (памятае, як хлапчукамі гулялі ў акопах, што засталіся ад ваенных баёў, як у вёсках стаялі разбураныя, без дахаў, дамы і адрыны. Яны, хлапчукі, часцяком круціліся побач з ветэранамі. Тыя раскурвалі на прызбах самакруткі, успаміналі ваенныя падзеі і цукеркамі-ледзяшамі падкормлівалі хлопцаў.)
У 12-гадовым узросце ра­зам з бацькамі маленькі Саша перабраўся жыць у Шклоў. Там вучыўся ў СШ №3. Жыццё часта сутыкала яго з людзь­мі, чые імёны сёння на слыху ў кожнага беларуса. Так, напрыклад, на школь­ным стадыёне ён бачыўся з Васілём Раінчыкам, які стаў пасля вядомым беларускім кампазітарам. Той, крыху старэйшы за Смаргунова, быў вялікім аматарам паганяць мяч з мясцовымі хлопцамі на прышкольнай тэрыторыі.
Петлі лёсу
Выпускны вечар, першыя мары, першыя адвагі… На жаль, тады ім не наканавана было спраўдзіцца. Паступленне ў Харкаўскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылі­шча было правалена. А юны Аляк­сандр так марыў прысвяціць сваё жыццё ваеннай кар’еры! Арыенцірам у жыц­ці заўсёды лічыў свайго дзядзьку Івана Емяльянавіча СМАРГУНОВА, лётчыка-разведчыка з вель­мі няпростым гераічным лёсам.
Не здолеўшы атрымаць спецыяльную адукацыю, Аляк­сандр Мікалаевіч на ваенную службу ўсё ж патрапіў. Адслужыў 2 гады ў арміі, скончыў сяржанц­кую школу і быў накіраваны камандзірам мотастралковага ад­дзялення ў г.п. Лазо Прыморскага краю. Дэмабілізоўваўся ўжо каман­дзірам узвода. Потым часта сумняваўся: ці правільна паступіў, пакінуўшы вайсковую службу? Але на ра­дзіме засталіся старэнькія бацькі, якіх трэба было падтрымлі­ваць.
Службу ў войску Аляксандр Смаргуноў змяніў на службу камсамолу, затым стаў партыйным работнікам. Усе пасведчанні захоўвае ў скрыначцы, як рэліквіі. З гораччу ўспамінае, як пасля развалу Саюза такімі дакументамі гандлявалі на маскоўскім Арбаце. Лічыць, што так рабіць – кашчунства, гэта ж наша мінулае! У яго нават захоўваецца беражліва перасыпаны тытунёвым пылам партыйны сцяг раёна.
Дэмабілізаваўшыся з арміі, працаваў у вёсцы Гарадзі­шча Шклоўскага раёна сакратаром пярвічнай камсамольскай арга­нізацыі. Дарэчы, там яго калегам быў Яўген Мікалуцкі, потым трагічна загінулы ў 1990-я ад тэракту старшыня камітэта дзярж­кантролю па Магілёўскай вобласці.
Калі ж прыехаў рэгістравацца ў Бялынічах у райкаме камсамола, у першы ж дзень пазнаёміўся з будучай жонкай. Сёлета, 3 красавіка, яны будуць адзначаць 40-гадовы юбілей сумеснага жыцця!
У 1981 годзе паступіў і ў выніку бліскуча скончыў юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Працаваў па спецыяльнасці на адным з бялыніцкіх прадпрыемстваў, потым уладкаваўся кадравіком у РАУС. Працаваць прыхо­дзілася не толькі з паперамі – на яго рахунку ёсць і затрыманне злачыннай групы. А вось за справу, пра якую не адно пакаленне бялынічан (і ў прыватнасці тых, хто нейкім чынам звязаны з мясцовай міліцыяй) бу­дзе ўспамінаць Аляксандра Мікалаевіча з павагай і доб­рым словам, ён узяўся, калі ўжо зволь­ніўся з шэрагаў МУС.
Справа жыцця
…Касы прамень вясновага яркага сонейка скрозь шыбу кідае блікі на вялізную, амаль на ўвесь кут музейнага пакоя, карціну з выявай даваеннага драўлянага будынка бялыніцкай міліцыі. Знаходзіўся ён па вуліцы Савецкай, на месцы будынка сённяшняга Цэнтра культуры. Гістарычны архітэктурны абраз на палатне аднаўляў мясцовы мастак Міхаіл ПАДЫМАКА. Менавіта з гэтай карціны 10 гадоў таму Аляксандр Мікалаевіч і пачаў па крупіначках збіраць экспанаты для музея-кутка гісторыі Бялыніцкай міліцыі.
Ідэя яго стварэння склалася ў капітана міліцыі ў адстаўцы Смаргунова пасля наведвання аналагічнага музея ў Маскве на Пятроўцы, 38. І сёння ўжо можна абсалютна ўпэўнена сцвярджаць, што ўсё атрымалася!
Стэнды з фатаграфіямі міліцыянераў, якія выконвалі свой абавязак у Афганістане і ў Чарнобылі, стэлажы з дакументамі, асабістымі рэчамі былых супрацоўнікаў. На ганаровым месцы – генеральская форма ШАРАНКОВА Мікалая Міхайлавіча, ураджэнца вёскі Сякерка, які даслужыўся да пасады намесніка начальніка Маскоўскага ГУУС. Старадаўнія фотаапараты, і тэлефоны… Радыёпрыёмнік і патэфон Смаргуноў прынёс уласныя, якія дасталіся ў спадчыну.
Школьнікі, прыходзячы сюды, любяць прымерыць афіцэрскую фуражку, патрымаць у руках старую пашарпаную кабуру ад пісталета, якая пабыла не на адным заданні.
А дзеючыя супрацоўнікі РАУС і ветэраны службы выдатна разумеюць: музей – гэта месца, якое ўсіх іх аб’ядноўвае.
* * *
Дарэчы, сёлета Аляксандр Мікалаевіч Смаргуноў адзначае цэлых тры юбілеі. Акрамя «рубінавага» вяселля, 10-годдзе свайго «дзецішча» – музея. А яшчэ сёння, 26 сакавіка – сваё уласнае 70-годдзе! Віншуем ад усёй душы!

Последние новости

Новости района

Белыничане встретили Праздник труда

1 мая 2024
Общество

Поздравление от Анатолия Малашко с Праздником труда – 1 мая

1 мая 2024
Новости района

Поздравление районной исполнительной власти с Праздником труда

1 мая 2024
Новости района

В Белыничах открылась обновленная Доска почёта

30 апреля 2024
Новости района

Белыничане продолжают делиться мнениями о ВНС

30 апреля 2024
Новости района

В Белыничском районе определили места массового отдыха на водоемах

30 апреля 2024
Главное

Лукашенко одобрил проект соглашения с Египтом о системе содействия взаимной торговле

29 апреля 2024
Новости Беларуси

С 1 мая в Беларуси увеличится бюджет прожиточного минимума

29 апреля 2024
Новости Беларуси

С 1 мая вырастут госпособия семьям, воспитывающим детей

29 апреля 2024
Общество

Два «серебра» завоевали белыничские самбисты в открытом первенство БФСО «Динамо»

29 апреля 2024

Рекомендуем

Новости района

В Белыничском районе прошел традиционный день призывника

19 апреля 2024
Новости района

Белыничский райсполком проводит общественное обсуждение концепции многоквартирного жилого дома

22 апреля 2024
Новости района

В Белыничах прошёл митинг в честь дня рождения Ленина

22 апреля 2024
Новости района

ДЭУ-74 в действии: улицы Белыничей преображаются благодаря асфальтогрануляту

23 апреля 2024
Новости района

В Белыничах открылась обновленная Доска почёта

30 апреля 2024
РОЧС информирует

В Белыничском районе мужчина получил ожоги

22 апреля 2024
Новости района

Алексей Кулаков занял место в конкурсе «Педагог дополнительного образования»

23 апреля 2024
Новости района

В Белыничском районе кипят работы по наведению порядка в рамках республиканского субботника

20 апреля 2024