Темы

Галоўная якасць – любоў да зямлі

Галоўная якасць – любоў да зямлі

Мы сустрэліся ў полі каля вёскі Малы Кудзін, дзе праходзіла закладка травяной масы ў сянажную яму. Дзяўчына ветлівая, усмешлівая, адразу разгаварыліся.

– Працую ў гаспадарцы без лічаных дней вось ужо на працягу года, – распавядае Вікторыя. – Усё падабаецца, дый заробак цалкам задавальняе. Але галоўнае – тут я адчуваю сябе патрэбнай.

Родам Вікторыя з Клімавіч, пасля атрымання атэстата аб базавай адукацыі пайшла вучыцца ў Жыліцкі сельскагаспадарчы каледж.

– З дзяцінства разумела, што гэта маё. Ведала, што такое жыць у вёсцы, прывыкла да працы на зямлі. Яшчэ са школы
шмат корпалася з кветкамі. Лічу, што цяпер я на сваім месцы. Галоўная якасць агранома – любоў да зямлі, а гэтага ў мяне не адняць, – усміхаецца дзяўчына.

Пасля заканчэння каледжа Вікторыя падала дакументы ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію на спецыяльнасць «Агранамія». Практыку праходзіла ў ААТ «Бялынічы». Атрымаўшы запаветны дыплом, папрасіла размеркаваць на
працу ў гэтую ж гаспадарку. Першыя цяжкасці, з якімі давялося сутыкнуцца, былі звязаны з тым, што тэорыя не заўсёды суадносілася з практыкай.

– Хутка зразумела, што базы, атрыманай у акадэміі, недастаткова для самастойнай працы. Падтрымлівалі, падказвалі калегі, галоўны аграном Уладзімір КРАСЕЎ і намеснік дырэктара Іван ПАЛОННІКАЎ. Прыемна бачыць, што ўва мне, як спецыялісце, зацікаўлены, у гаспадарцы заўсёды ідуць насустрач. І з калектывам хутка знайшла агульную мову.

Сельгаспрадпрыемства выдзеліла маладому спецыялісту жыллё ў райцэнтры. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню ў вёсцы ёй зусім не сумна.

– За працай сумаваць папросту няма калі. На мой погляд, нецікава ў сяле толькі тым, хто нічым не заняты. Цяпер у мяне практычна няма выхадных. Заканчваецца пасяўная, пачынаецца нарыхтоўка траў першага ўкосу, потым
– уборка збожжавых… Вельмі чакаю ўраджаю. Думаю, што самае вялікае задавальненне аграном атрымлівае, калі бачыць вынік сваёй працы. Гэта ж мой першы ў жыцці ўраджай, – гаворыць малады спецыяліст.

Вікторыя адказвае за захаванне ўсіх тэхналагічных працэсаў на давераным ёй у гаспадарцы ўчастку, але разумее, што ў
яе працы не ўсё залежыць ад чалавека. Хлеб ніколі не даваўся селяніну лёгка. На поспех справы ўплываюць і кліматычныя ўмовы, якія не заўсёды спрыяюць рабочаму працэсу. І тут ад агранома патрабуюцца самавалоданне, воля, уменне знаходзіць выйсце са складаных сітуацый.

Вікторыя Куляшова адсочвае змены грунту, прымае меры па ўзбагачэнні яго ўгнаеннямі, вызначае склад глебы, наяўнасць у ёй неабходных мінеральных рэчываў. Аграном таксама правярае глыбіню ўзворвання, вядзе назіранне за ўсходамі.

Кожная пара года падае свой урок.

– Як жыццё не стаіць на месцы, так і ў сельскай гаспадарцы ўсё пастаянна мяняецца, – робіць высновы аграном. –
Калі хочаш дамагчыся добрага выніку, напрыклад палепшыць ураджайнасць, якасць сяўбы, трэба прыкласці нямала старанняў. Самае галоўнае – выканаць пастаўленую задачу: вырасціць ураджай, пры гэтым атрымаць не проста збожжа, а зерне высокай харчовай якасці. Тое ж самае тычыцца нарыхтоўкі зялёных кармоў і ўсяго астатняга.

За перыяд касьбы ў ААТ «Бялынічы» ўбрана 76 га канюшыны, 174 га люцэрны, 433 га – шматгадовых траў. Якія б правілы ні дыктаваў час, агранамія яшчэ доўга будзе запатрабаванай у сельскагаспадарчых раёнах – менавіта
на гэта настройваюць упэўненасць і мэтанакіраванасць, з якімі Вікторыя Куляшова ўзялася за справу. І хочацца верыць, што ўсё намечанае ў маладога спецыяліста абавязкова атрымаецца.

Аліна ЦЫГАНІЙ. 
Фота аўтара.

Последние новости

Новости района

В Заполье появилось новое место для отдыха и занятий спортом на свежем

24 июля 2025
Читать новость
Новости района

В Белыничском РОВД состоялась церемония принесения присяги гражданина Беларуси

24 июля 2025
Читать новость
Новости области

В Могилевской таможне подвели итоги работы за полугодие

23 июля 2025
Читать новость
Новости района

Представители лесного сектора России приехали перенимать опыт работы Белыничского лесхоза

23 июля 2025
Читать новость
Новости Беларуси

Утверждены переносы рабочих дней в 2026 году

23 июля 2025
Читать новость
РОВД информирует

С начала года сотрудники ОГАИ задержали полсотни водителей мототранспорта

22 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем