Жыхарка Бялыніцкага раёна, якая пражыла амаль век

Лёс вясковага педагога Агрыпіны Цімафееўны Ткачовай быў пакручастым і нялёгкім, але менавіта ёй было адмерана доўгае жыццё – амаль што век, і большую частку яго выхоўвала ў падрастаючых пакаленнях вяскоўцаў імкненне да разумнага, добрага і вечнага.
Нарадзілася Агрыпіна Цімафееўна ў Васільках у звычайнай сялянскай сям’і ў 1923 годзе. Дзяўчынцы вельмі падабалася вучыцца, перад Вялікай Айчыннай вайной яна скончыла школу ў суседнім Галоўчыне. Але далей прадоўжыць адукацыю не атрымалася – пачалася вайна, Агрыпіна засталася з бацькамі ў Васільках.
Жыццё на акупіраванай гітлераўцамі зямлі было няпростым і трывожным. Перыядычна ў вёску наведваліся то партызаны, то немцы. Дзяўчыне даводзілася хавацца, жыць у пастаяннай трывозе, бо акупанты забіралі ўсю моладзь на прымусовыя работы ў Германію. Аднойчы ёй не пашанцавала:
гітлераўцы выйшлі на аблаву з сабакамі. Ад іх схавацца не ўдалося. Некалькі дзён Агрыпіна і дзяўчаты з яе вёскі, якіх таксама схапілі немцы, знаходзіліся пад вартай у Галоўчыне, а затым іх вывезлі ў Магілёў, дзе вельмі жорстка абыходзіліся, дапытвалі, падазраючы ў сувязі з партызанамі.
4 мая 1944 года паланянак адправілі ў Германію. Агрыпіна працавала на заводзе гумавых вырабаў, расплаўленай гумай заклейвала паліўныя бакі для самалётаў. Як яна ўспамінала, праца была цяжкая, па 12-14 гадзін яны знаходзіліся на заводзе.
Кармілі іх вельмі дрэнна – галоўнай ежай быў суп з траў і сушаных гарбузоў. Жылі нявольнікі ў бараках, у цеснаце і цемнаце, спалі на трохпавярховых ложках, збітых з грубых дошак. У такіх жудасных умовах Агрыпіна Ткачова правяла 11 месяцаў. Пасля яна ўсё жыццё старалася не ўспамінаць аб гэтым перыядзе жыцця, вельмі рэдка расказвала аб фашысцкай няволі сваім родным.
У самым канцы вайны беларускіх палонных вызвалілі амерыканскія салдаты. Ужо ў ліпені 1945 года дзяўчына вярнулася дадому. Але ў роднай хаце не затрымалася надоўга: жаданне вучыть дзятей у яе было вельмі моцным. Як успамінае сын Агрыпіны Цімафееўны Іван Іванавіч Рыбакоў, яна на таварным цягніку дабралася да Ганцавічаў, дзе паступіла ў педагагічнае вучылішча. Пасля аканчэння вучобы некаторы час працавала настаўніцай пачатковых класаў у Драгічынскім раёне, а ў 1948 годзе вярнулася назад, у родныя Васількі. Тут для яе знайшлося месца ў пачатковай школе. Разам з Марыяй Фёдараўнай Бізуновай, партызанкай, удзельніцай Вялікай Айчыннай вайны, яны навучалі юных васількоўцаў пісьму, чытанню і матэматыцы, вучылі быць смелымі, любіць сваю
Радзіму.
Пачатковая школа знаходзілася на ўскрайку вёскі. У пачатку 1970 гадоў яе перанеслі ў цэнтр, дзе для вучняў быў узведзены высокі прасторны будынак. А ў старай школе зрабілі магазін.

Агрыпіна Цімафееўна выйшла замуж за свайго аднавяскоўца Івана Рыбакова, у шлюбе нарадзілася трое дзяцей. Іван Дзянісавіч меў багатае партызанскае мінулае, пасля вайны працаваў у калгасе «Наша Перамога», быў узнагароджаны не толькі баявымі, але і ўзнагародамі за ўзорную і самаадданую працу.
Як успаміналі вучні Агрыпіны Ткачовай, педагогам яна была вельмі строгім, але справядлівым. Нявыкананае дамашняе заданне каралася дрэннай адзнакай, якую можна было выправіць, добра падрыхтаваўшыся ў наступны раз. Самае галоўнае – яна вучыла дзяцей любіць навукі, пазнаваць новае і не баяцца невядомасці. Дарэчы, адным з яе вучняў быў вядомы ўрач і паэт Аляксандр Мельнікаў. І для ўласных дзяцей маці-педагог не рабіла зніжак, таму ўсе яны, як кажуць, «выйшлі ў людзі», атрымалі добрую адукацыю, адбыліся ў сваіх прафесіях.
Пры школе быў свой участак зямлі, дзе старэйшыя дзеці садзілі гародніну, а затым улетку ўбіралі сена. Дзеці і настаўнікі даглядалі клумбы з кветкамі, клапаціліся пра партызанскае пахаванне на вясковых могілках, наведвалі ферму і калгасны вытворчы ўчастак, дзе знаёміліся з азамі сельскагаспадарчых прафесій.
Калі настаўніца выйшла на заслужаны адпачынак, тады ж у Васільках закрылася і школа. Вучні сталі хадзіць на заняткі ў суседні Галоўчын, а ў будынак былой навучальнай установы па іроніі лёсу зноў пераехаў магазін.
Знаходзячыся на пенсіі Агрыпіна Цімафееўна займалася звычайнымі вясковымі справамі, толькі ў апошнія гады, калі здароўе стала падводзіць, перабралася на сталае жыхарства да старэйшага сына. Не стала яе ў 98-гадовым узросце. Але сямейная легенда сцвярджае, што калі пасля вайны вясковыя дзяўчаты выпраўлялі дакументы, Агрыпіна «падмаладзілася» на два гады, а гэта значыць – за лячыма застаўся цэлы век.
Проживающая в Белыничском социальном пансионате «Пралеска» Оксана Гапеева: «Стихи помогают мне жить»
Оперативные новости Белыничей и Белыничского района смотрите в нашем телеграмм-канале «Новости Белыничей»
