Жыццёвы шлях жыхаркі вёскі Лубяны Надзеі Скубілавай

ПРАЦАЎНІЦА, АПТЫМІСТКА І ДОБРАЙ ДУШЫ ЧАЛАВЕК
Так можна ахарактарызаваць жыхарку вёскі Лубяны Надзею Мікітаўну Скубілаву, якая ў апошнія дні кастрычніка адзначыла 85-гадовы юбілей.
Для многіх з нас узрост «за 80» падаецца чымсьці недасяжным. Дажыць да такіх гадоў у светлай памяці і адносна добрым здароўі – ужо немалая заслуга. А тым больш для вясковай жанчыны, дні маладосці якой былі напоўненыя цяжкай працай.
Зараз Надзея Мікітаўна жыццём задаволена: усяго хапае, прыязджаюць, наведваюць дзеці, унукі, яна сама можа і ў хаце прыбрацца, і печку пратапіць. Але ж нашчадкі паклапаціліся аб тым, каб бабулі было камфортна незалежна ад яе фізічнага стану, правялі ў доме электрычнае ацяпленне.
Амаль усё жыццё Надзея Мікітаўна адпрацавала даяркай у тадышнім калгасе імя Ільіча. Нарадзілася яна ў Вылаве, там жа засталася працаваць на мясцовай ферме даяркай.
На той час у калгасе механізацыі асаблівай не было, групы па 15-18 кароў жанчыны даілі ўручную. Зімой двойчы, а летам – і па тры разы на дзень. Ездзілі ў поле на запрэжаным канём возе. Надоенае малако злівалі ў бідоны, а затым уручную пераносілі іх на ферму. Асабліва цяжка было ўзімку. Даяркі павінны былі падсцілаць каровам салому ці пілавінне, прыбіраць арганіку, даіць, дапамагалі цяліцца і выпойваць цялятак малозівам. Канешне, і кармы яны раздавалі, і ваду прыносілі з калодзежа, і ўсё гэта рабілася ўручную.
– Адна карова магла выпіць да трох вядзёр вады, а ў нас іх па васямнаццаць у кожнай даяркі. Вось уявіце сабе, колькі спраў мы рабілі, – успамінае Надзея Скубілава. – За дзень так маглі нацягацца вады і кармоў, што рукі не згіналіся. Але то ж на працы, а дома таксама чакала сям’я, падсобная гаспадарка. Я ў адпачынак амаль ніколі не хадзіла, брала яго толькі, калі дачушак замуж аддавала.
У Вылаве Надзея Мікітаўна папрацавала нядоўга, калі выйшла замуж, то з сям’ёй перабраліся ў вёску Лубяны. Там яна ўладкавалася спачатку падменнай даяркай, а потым ёй даверылі і ўласную групу. З укараненнем апаратнай дойкі колькасць жывёлы ў адказнасці даярак павялічылася да пяцідзесяці галоў. Але кармленне і догляд зноў жа ляжалі на іх плячах.
– Мы клапаціліся, каб памяшканні, дзе стаяць каровы, былі чыстымі, рэгулярна мылі вокны, бялілі сцены, наводзілі парадак. Наша ферма доўгі час займала першае месца ў калгасе па чысціні, – прыгадвае жанчына.
На Лубянскай ферме Надзея Скубілава шчыравала да 60-гадовага ўзросту, а затым яшчэ 5 гадоў падпрацоўвала ў калгаснай паляводчай брыгадзе.
Зараз яе родная гаспадарка стала часткай ААТ «Бялыніцкая Іскра», а з шаснаццаці калег, з якімі працавала разам на ферме, у жывых засталіся ўсяго чацвёра. Не стала і самой фермы, дзе яны працавалі, дый вёска на вачах апусцела, абязлюдзела. Да гэтых не самых прыемных жыццёвых
змен жанчына адносіцца па-філасофску: такі зараз час. Сама ж з роднай хаты кранацца нікуды не збіраецца – прырасла да яе моцнымі душэўнымі каранямі. Не перажывае, што будзе зімаваць адна на рагу сваёй вёскі. Разам з будзённымі клопатамі застаюцца ўспаміны. Жыццё ж за плячыма вялікае.
– Калі б у наш час былі створаны такія ўмовы, у якіх жывёлаводы працуюць сёння, мы былі б самыя шчаслівыя! – кажа Надзея Мікітаўна. – Мы рабілі ад цямна да цямна. І, аднак жа, ніхто не ачарсцвеў душой, не пакрыўдзіўся на лёс. Дастойна пражылі сваё жыццё, выгадавалі дзяцей і ўнукаў добрымі людзьмі.
У голасе жанчыны таксама няма ні ноткі суму і ніякай крыўды. Жыццё ўручыла Надзеі Скубілавай цудоўны падарунак – даўгалецце, ад якога яна атрымлівае асалоду. Дарэчы, з нагоды свайго юбілею Надзея Мікітаўна атрымала шмат віншаванняў, кветак і падарункаў. Не забыліся пра яе і прафсаюзныя структуры. ідары райарганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Алеся Навічонак і пярвічкі ААТ «Бялыніцкая Іскра» – Кацярына Вяселева наведалі юбілярку прама ў дзень яе нараджэння. Госці выказалі доўгажыхарцы найлепшыя словы пажаданняў моцнага здароўя, даброт і аптымізму.
Святлана Магілеўчык.
Фота прадастаўлена гераіняй матэрыялу.
Жительница агрогородка Вишов более 30 лет трудится дояркой
Оперативные новости Белыничей и Белыничского района смотрите в нашем телеграмм-канале «Новости Белыничей»
